Ланцуг
Шрифт:
Прачнуўшыся, яму захацелася прачнуцца яшчэ раз, каб і цяперашняе аказалася толькі страшным сном. Але зразумела было — усё, больш прачынацца няма куды.
Была гадзіна ночы. Сон не прынёс палёгкі, мепрабамат не зменшыў страх. Усё яго наркатычнае дзеянне пайшло на тое, каб у сне змадэляваць рэальную сітуацыю, якую перад гэтым абдумваў Вінярскім на яве. Наперадзе была цэлая ноч — са сваімі секундамі, хвілінамі і гадзінамі.
VI
Вінярскі выцягнуў «дыпламат», глядзеў на яго, гладзіў прабіты бок, і слёзы цяклі ў яго па шчоках. Потым апрануў плашч, не забыў парасон, ціхенька выслізнуў з кватэры, прытрымаўшы замок, і подбегам кінуўся з двароў на вуліцу, да запраўкі. «Дыпламат» ён захапіў з сабою.
Таксіст, нахабны, як і ўсе яны начным часам, назваў проста неверагодна вялікую суму. Вінярскі моўчкі адлічыў грошы і адразу расплаціўся.
Толькі б ніхто не заўважыў! Толькі б не прыйшоў у клініку сённяшнім вечарам Стэльмах! Цяпер Вінярскі добра разумеў, што адзіны яго ратунак, калі нікога няма, — паставіць назад «дыпламат», выправіць шпінгалеты, нават пераначаваць у кабінеце, на кушэтцы. А там, раніцаю, усё выдумаецца. Галоўнае, грошы будуць цэлыя. Няхай Стэльмах пра ўсё здагадаецца — ну і што? Сорам вочы не выесць. Затое ён, Вінярскі, зможа зноў жыць, як і жыў.
Ён стрымліваў сябе, прасіў сябе не расслабляцца раней часу — мала што там цяпер можа быць у кабінеце! — але ў душы ўсё расла, усё шырылася няўрымслівая радасць ад таго, што ўсё скончана. Яму не здавалася ўжо ні дурной, ні смешнаю сама сітуацыя: столькі сіл было патрачана, каб грошы ўкрасці, і ўсё для таго, каб усімі сіламі старацца вярнуць іх назад…
Каля бальніцы ён выскачыў з машыны і хутка пайшоў у двор. Падняў галаву, спатыкнуўся і не паверыў сваім вачам — здалося, што той жывы, страшны сваёй будзённасцю сон працягваецца. У кабінеце гарэла святло.
У нейкім атупенні ён стаяў, глядзеў на светлае акно, на клёны, кусты, якія холадна свяціліся сваімі зялёнымі лістамі ў святле бальнічных ліхтароў. Падумаў чамусьці: «А што, калі я зусім не грошы ўкраў, я ж не паглядзеў нават». Трэба было неяк канчаць усё гэта. Трэба было ісці здавацца. Як здавацца, што казаць? Што знайшоў «дыпламат» у двары? Усё — дурнота, глупства… Хто яму паверыць?
Ледзь перастаўляючы ногі, Вінярскі пацёгся назад, на вуліцу, падняўся на ганак галоўнага корпуса і пазваніў. Адразу ж за ледзь асветленымі шклянымі дзвярыма праплыла постаць вахцёркі.
— I вы прыехалі? — расчыніўшы дзверы і прапускаючы яго, сказала яна і ўздыхнула.
— Што значыць — і вы?.. А хто… яшчэ прыехаў? — прамармытаў Вінярскі, заходзячы ў вестыбюль і азіраючыся.
Вахцёрка замкнула дзверы, зайшла следам і стала перад ім, гледзячы знізу ўверх, сцягваючы на грудзях накінутую на плечы хустку, — маленькая і нязграбная, як чарапаха.
— Дык хто прыехаў? — стараючыся быць развязным, паўтарыў Вінярскі. — Міліцыя… ці хто?
— Пры чым тут міліцыя? Жонцы трэба званіць, — строга сказала вахцёрка.
— Чыёй?
— Стэльмахавай.
— А… што такое?
— Іван Змітравіч у рэанімацыі цяпер. З сэрцам кепска. Я думала, вы таму і прыехалі…
Не верачы раптоўнай здагадцы, ад якой перахапіла дыханне і застукала ў скронях, баючыся распытваць далей, Вінярскі як быў — з «дыпламатам» у руцэ — павярнуўся, каб бегчы ў свой корпус.
— У кабінеце схапіла, — сказала яму ў спіну вахцёрка. — Прыйшоў сюды гадзін у сем, такі рады — а чаго прыйшоў?..
Дзверы ў кабінет былі адчыненыя. У дзвярах Вінярскі сутыкнуўся з медсястрою — яна саступіла, прапускаючы яго. Ён, задыханы, спыніўся ў парозе, аббег вачыма кабінет, стараючыся за раз не прапусціць нічога, усё зразумець з гэтага агляду. Кушэтка стаяла пасярод кабінета; барадаты тэрапеўт з суседняга аддзялення ў кутку мыў рукі і нават не зірнуў на Вінярскага, затое Сцяпанаў, які сядзеў за сталом Стэльмаха і нешта напаўголаса гаварыў, убачыўшы Вінярскага, змоўк і ўтаропіўся ў яго. Акрамя гэтых двух і сястры, што выйшла, не было нікога. Моцна пахла спіртам.
— А дзе… — прамовіў Вінярскі, паказваючы на кушэтку.
Сцяпанаў страсянуў галавою і перастаў глядзець так дзіўна.
— У рэанімацыі, наверсе, — адказаў ён.
— Ёсць надзея?
— Мала. Доўга ляжаў тут, позна знайшлі… Інфаркт!
— Нічога дзіўнага, з такой камплекцыяй, — адазваўся тэрапеўт, павярнуўшыся і выціраючы рукі аб кішэні халата.
Вінярскі прайшоў да акна — палавінкі былі прачынены, як ён і пакідаў. «Бачыў хто, ці не, што шпінгалеты зламаныя?! Сказаць зараз пра гэта? Ці зрабіць выгляд, што нічога не заўважаю і проста хачу прычыніць акно?..» Ён узяўся за ручку.
— Не трэба, — пачуўся ззаду голас Сцяпанава. — Хай праветрыцца.
— Я падымуся наверх, — сказаў тэрапеўт, — пазваню, калі што.
Сцяпанаў правёў яго да парога і ў парозе зноў пагаварыў з ім пра нешта; калі тэрапеўт пайшоў, павярнуўся да Вінярскага:
— А ты як тут сярод ночы?
— Выпадкова ехаў на таксі, з Жанаю… Убачыў з вуліцы, што святло гарыць… Жана, сяброўка, жыве ў Вяснянцы, можаце праверыць…
— Па мне — хоць у Серабранцы! — усміхнуўся Сцяпанаў. — Я проста гляджу — ты з чамаданчыкам.
— А, гэта так, браў з сабою, — Вінярскі асцярожна паклаў «дыпламат» на стол дзіркаю ўніз. — Але як тут Стэльмах апынуўся? Уночы… У яго ж адпачынак з учарашняга дня.
— Мала што. Забыў нешта, прыйшоў забраць.
— А як яго знайшлі?
— З суседняга корпуса ўбачылі, што святло гарыць.
— Адтуль жа не відаць нашага акна.
Вінярскі ведаў, што так гаварыць нельга, але спыніцца не мог.
Ізноў здзівіўся Сцяпанаў:
— Удзень, можа, і не відаць, а ўночы ўсё тут свеціцца… Ды і бачылі яго. Зайшоў — і няма, і няма.
— Ён… — Вінярскі сабраўся з духам, — нічога не казаў?
— Якое казаў. Сіні ўвесь. Вось страшная, дурная смерць — доктара ў бальніцы!
— Ды якая смерць? Нічога невядома яшчэ! Пакуль у рэанімацыі — нічога яшчэ невядома!
Сцяпанаў памаўчаў, сказаў:
— Я ў сябе буду, — і пайшоў.
Калі за ім зачыніліся дзверы, Вінярскі зноў, на гэты раз добра, уважліва агледзеў кабінет. Дзверцы антрэсоляў у шафе былі зачынены, крэсла каля шафы не стаяла. Але гэтага не магло быць! Ну, няхай крэсла ў мітусні, у беганіне маглі адсунуць, але каму трэба было зачыняць дзверцы, да якіх не дацягнуцца з падлогі рукою нават высокаму чалавеку?! Няўжо…