Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

«На кожным базары можна ўбачыць гандлярак сухімі белымі грыбамі. Калі перакласці на вагу, дык сушаныя белыя грыбы атрымаюцца ў шмат разоў даражэйшыя і за мяса, і за рыбу, і за самую экзатычную садавіну, і за мёд, і за арэхі, і за ўсё харчы, бадай, нават даражэйшыя за чорную ікру, нягледзячы на тое, што яна цяпер у нас неверагодна дарагая».

Усё правільна. Сорак — пяцьдзесят рублёў на тыя грошы за кілаграм, а за лета можна было нанасіць ад пяці да дзесяці кіляў, асабліва ў каго вялікая сям’я. Не шкадавалі на грыб ні сілы, ні часу, вазіліся з ім, нянькаліся з ім — адплачваў і ён узаемнасцю. Машыны, кааператыўныя кватэры, матацыклы, веласіпеды, адзенне, ежа… На ашчадную кніжачку на чорны дзень…

Усё гэта расло ў лесе пад нагамі.

VI

Але і цану за сябе грыб браў адпаведную.

Гарадскія нашы настаўнікі дзіву даваліся, зразумець не маглі, чаму мы, вясковыя дзеці, гадаваныя на прыродзе, на сваіх каларыйных, натуральных, смачных харчах прыходзілі пасля летніх канікулаў у школу такімі дохлымі, бледнымі, амаль не падрослымі.

Адкуль ім было ведаць, што як з тых караленкаўскіх «дзяцей падзямелля» сыры падвальны камень высмоктваў сокі, сілы і здароўе, так з нас лес? Што з самага пачатку школьных гадоў, ад першага класа і да апошняга, мы патрапляем ў ледзь не прыгонную залежнасць ад яго, становімся ледзь не яго рабамі?..

Ягады: чорныя, маліны, суніцы, буякі, брусніцы, ажыны, рабіна, каліна, журавіны… Лупленне кары — з крушыны і лазы (Бог дасць, калі-небудзь напішу і пра гэта, бо ні ў кога яшчэ такой тэмы не сустракаў). Хваёвыя шышкі, а таксама хваёвыя лапкі — была колісь і такая нарыхтоўка; іх, гэтыя лапкі, перамолвалі і дадавалі ў камбікорм. Бярозавыя і хваёвыя пупышкі. Зграбанне ігліцы — на прызбу, каб уцяпліць на зіму хату, і драннё балотнага моху — канапаціць шчыліны ў гаспадарчых прыбудовах. Нарыхтоўка дроў — перманентна круглы год.

Але галоўнае, канечне, грыб, грыб і грыб.

«Лес — наша багацце»… «Летні дзень год корміць»… «Загадка: стаіць пры дарозе, капялюш набакір, хто ўбачыць — паклон дасць»… Любімыя, добрыя, наіўныя настаўнікі, напаўняючы нас падобнымі сентэнцыямі, вядома, і не здагадваліся, што мы маглі ўкладваць у іх крыху іншы, і далёка не рамантычны сэнс.

Грыбная пара нядоўгая, сёння яны ёсць, а заўтра зніклі, таму трэба карыстацца момантам — хутчэй, часцей, раней, каб апярэдзіць іншых, каб пабольш ухапіць (менавіта так і пыталі: «Ці многа сёння ўхапіў?»). У любое надвор’е, «ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору», як пісаў наш класік Янка Купала, хочацца табе ці не, здаровы ты або хворы — нікога не калыша, будзь ласка, кошык у зубы — і наперад, пад цёмныя хвойныя шаты…

Да школы, гадоў да сямі, была яшчэ сякая-такая вольніца, прынамсі, рана не падымалі і далёка з сабою не бралі. Але ўдзень — хоць на гадзінку, хоць блізенька, каб прывыкаў, каб вучыўся… І колькі ж тады радасці было! Колькі зайздрасці да «вялікіх» — старэйшых братоў і сясцёр, і колькі неўразумення, чаму яны не адчуваюць свайго шчасця, чаго бурчаць, сярдзітыя, нашто злуюцца? Гэта ж так здорава — самому хадзіць у лес па грыбы! Хутчэй, хутчэй бы ў першы клас, а гэта аўтаматычны дазвол, своеасаблівы пропуск у лес — хай спачатку разам з дарослымі, не адыходзячы ад іх, затое потым, у трэцім, чацвёртым класе — ужо і самастойна…

Гадкоў чатыры, ад сілы пяць мне было. Пару мясцін блізенька каля вёскі ўжо трохі ведаў. Што мне аднойчы цюкнула ў галаву, з якога такога перапуду, але раз увечары, калі нікога не было дома, раптам схапіў аберуч вядзерца і сцежкаю ў траве (трава высокая, мяне і не відаць у ёй) — бягом у лес! Там і адлегласьць 500 метраў, але для малога, ды аднаго, ды на ноч гледзячы — цэлае падарожжа! Поўнае розных цікавасцяў і небяспек. Сьмешна не гэта, а тое, што не паспеў я забегчы ў лес, на знаёмую блізенькую падянку, як пад першымі ж хвоямі ўбачыў… грыба! Ды не аднаго — тры штукі побач! Ды якія — ростам мне па калена! Я іх з карэннямі павыварочваў, я іх у вядзерца — а яны не ўмяшчаюцца, а яны выпадаюць… Бяда! А тут цямнее… А дома ўжо, канечне, пярэпалах… Сяк-так, аднаго пад паху, другога ў вядзерца, трэцяга за пазуху — данёс, і хоць уляцела ад маці, затое доўга потым хадзіў героем вёскі.

Хіба мог тады падумаць, як хутка гэтая грыбная цяга зменіцца прымусам, гэтая зайздрасць да самастойнасці старэйшых ператворыцца ў панылае выкананне абавязку?

Цемрадзь. Перадсвітальны час. Самая пара, калі спіцца, сама тыя гады, калі расцеш у сне… Дзе там — ужо катурхаюць! «Уставай, сынку, памалу». У вушах звон. У вачах мухі. Звыклая, не ў аднаго мяне, а ва ўсіх нас тадышніх, з’ява: адну калашыну нацягнеш, а на другой замарочыцца ў галаве, затуманяцца сном мазгі — і брык з табурэткі. Нічога страшнага — падымуць, адзенуць… У хаце цёмна, а на вуліцы цямней. У нас яшчэ вёска такая, што ў які бок ні пайдзі, трэба пераходзіць адну й тую ж рэчку, дзе па кладках, дзе ўброд. Разуешся, кеды ў рукі… Раса, як лёд, халодная-халодная, вада, як сырадой, цёплая-цёплая… Дападзем, бывала, са старэйшым братам да жаданай грыбной мясціны — ну цёмна, хоць вока выкалі! Нават сабакі яшчэ не гаўкаюць, нават пеўні не спяваюць… Паляжам на сырую ад расы ігліцу, прытулімся спіна да спіны. Але які там сон — і холадна, і камары, і птушкі раннія… Не спіцца ж ім, дурным, іх жа ніхто рана не будзіць!.. Толькі прымосцішся — ужо і развіднее патроху, без сонца…

Даходзіла да бунту. Хто вінаваты ў тым, што мы не высыпаемся? Грыбы. А раз так, трэба ім за гэта помсціць. Знішчаць іх. Старэйшы за мяне на пяць гадоў брат такое прыдумаў.

І вось ён, першанькі. Прабіўся з-пад бярозавага лісця, свежы, бадзёры, умыты расою, ашаломлена-радасны ад сваёй, хай і нядоўгай, прысутнасці ў свеце Божым.

— Чаві, — ціха скамандаваў брат. — Чаві! — працадзіў праз зубы.

Я падняў над грыбам нагу…З нейкім жывым піскам, з нейкім перадсмяротным усхліпам адзін з самых дасканалых шэдэўраў Прыроды пад падэшваю кеда ператварыўся ў месіва… І ў той жа момант нешта змянілася вакол. Сонца знікла, раса высахла, лес пацямнеў, фарбы пабляклі… Зашапацела, прадказваючы бяду, сваімі лісткамі асіна…

— Так будзеш рабіць з кожным!

Праз гадзіну сышліся, у аднаго і ў другога амаль поўныя кошыкі. У вочы адзін аднаму не пазіраем.

— Многа рачавіў?

— Шэсць, — схлусіў я.

— Малайчына. Я таксама дзесяць, — схлусіў у адказ брат.

Бунту канец. Санлівасць даўно прайшла. Расхадзіліся, акрыялі, падабрэлі. Ужо можна прыкмячаць сёе-тое і акрамя грыбоў: вусеня, падсвіслага на павуціне, экзатычнасць высокага папаратніку, пах альховага ліста, калі яго расцерці ў пальцах, падзалочаныя ствалы хвой і доўгія, роўныя цені ад іх… Напаўняецца кошык. Хутка дадому, а там — смачны сняданак, а там — цалюткі дзень наперадзе… Малінаў паесці, на рыбалку схадзіць, пакупацца, зямлянку каля возера падкапаць… Самапал, ці, па-нашаму, падпаленку зрабіць… Паглядзець на каляндар і ўспомніць, што хутка лету канец, а разам з ім і грыбам, — падымацца рана не трэба будзе, школа пачнецца, сябры, кнігі, тэлевізар… Якое ж, падумаўшы, багатае і цудоўнае жыццё!

Так, заняты справамі, зямлянкамі і самапаламі, набегаешся за дзень, а ў восем-дзевяць вечара ўжо дрыхнеш без задніх ног. Малому і пераносілася лягчэй.

А вось падлетку!.. Калі дзеўкі з горада да бабуляў на канікулы прыехалі, калі ўсё дзённае жыццё ператвараецца ў адно толькі чаканне ночы, калі:

Травы пахнуць кветкамі, кветкі пахнуць зорамі, зоры над палеткамі — лесам і азёрамі… (П. Броўка)

Самае неразгаданае, самае страшнае і самае лепшае, што было, ёсць і будзе на свеце — гэта калі табе 13–14 гадоў, ты ідзеш летняй, душна-духмянай ноччу па вёсцы і ў канцы вуліцы раптам чуеш галасы і малады дзявочы смех… Які пасля гэтага будзе сон? Да якіх грыбоў табе раніцаю? Шукаеш іх машынальна… А дотык яе калена да твайго быў, ці толькі здалося? І калі быў — дык выпадкова? Як гэта яна сказала?.. Шэсць, усяго шэсць раніцы! А дзесяць вечара будзе праз, праз… Трэба не забыць: «Раз ты ўчора сказала Валеру…» А Валер са Светаю, усё правільна… Наташа! Ты ж у пясочку з ёю гуляўся, гэта ж ты павінен быў першы разгледзець, зразумець, што… Ты — а не Сяргей!

Поделиться:
Популярные книги

Хозяин Теней 2

Петров Максим Николаевич
2. Безбожник
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Хозяин Теней 2

Газлайтер. Том 6

Володин Григорий
6. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 6

Личник

Валериев Игорь
3. Ермак
Фантастика:
альтернативная история
6.33
рейтинг книги
Личник

Двойник короля 11

Скабер Артемий
11. Двойник Короля
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Двойник короля 11

Последний Паладин. Том 12

Саваровский Роман
12. Путь Паладина
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 12

Газлайтер. Том 17

Володин Григорий Григорьевич
17. История Телепата
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 17

Идеальный мир для Лекаря 3

Сапфир Олег
3. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 3

Язычник

Мазин Александр Владимирович
5. Варяг
Приключения:
исторические приключения
8.91
рейтинг книги
Язычник

Лейтенант. Часть 2. Назад в СССР

Гаусс Максим
9. Второй шанс
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Лейтенант. Часть 2. Назад в СССР

Как я строил магическую империю

Зубов Константин
1. Как я строил магическую империю
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю

Размышления русского боксёра в токийской академии Тамагава, 2

Афанасьев Семён
2. Размышления русского боксёра в токийской академии
Фантастика:
альтернативная история
5.80
рейтинг книги
Размышления русского боксёра в токийской академии Тамагава, 2

На гребне обстоятельств

Шелег Дмитрий Витальевич
7. Живой лед
Фантастика:
фэнтези
5.25
рейтинг книги
На гребне обстоятельств

Вперед в прошлое 2

Ратманов Денис
2. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 2

Черный Маг Императора 6

Герда Александр
6. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 6