Ланцуг
Шрифт:
— Памаўчы! — прыкрыкнуў ён. Потым дадаў: — Мне ўсё адно канец.
Яны ехалі доўга. Было відаць, як па шашы зрэдчас то ў горад, то з горада праносяцца светлыя плямы машын. Вакол быў усё той жа хваёвы густы лес; Ласіца ведаў, што ён не скончыцца да самага горада. Хоць гэта крыху супакойвала. Ехалі моўчкі. Ласіца хацеў паглядзець, каторая цяпер гадзіна, але паленаваўся. Якая розніца… Гімнасцёрка на шыі і на грудзях па-ранейшаму была мокрая ад поту; шыі і грудзям было горача, а спіне — холадна. Час ад часу яго праціналі дрыжыкі. Ён ляжаў бокам на мяккім мяху, воз гайдала, ледзь чутна скрыпелі колы, конь аднастайна чвякаў капытамі. Пахла мукою, аўсом, лесам, вёскаю… Ласіца ледзь не задрамаў.
Ён пачаў варушыць нагою, каб балела і не давала драмаць. Не, кепска так… Ён хацеў загадаць: «Падгані каня!» — і зноў паленаваўся. Жанчына сядзіць, не варушыцца, не азіраецца… Баіцца. Правільна, яго трэба баяцца. Маці нагнулася над ім… Якая маці?!
Ён уздрыгнуў, агледзеўся — усё тое ж вакол: лес, рып колаў, спіна ўперадзе… Бацька едзе на луг касіць, новенькая каса ляжыць упоперак воза, ён, малы Алёша, сядзіць разам з маткаю ззаду… Адкляпанае вострае лязо блішчыць зусім блізка, адбівае сонца, і ён усё баіцца парэзацца, баіцца касы, прыціскаецца да маці… Вось бацька паварочваецца да іх, смяецца радасна, і яму, Лёшу, таксама робіцца спакойна і радасна, толькі хочацца, каб бацька здагадаўся і прыбраў далей касу… А той ніяк не здагадваецца, толькі ўсё смяецца, падсоўваецца бліжэй і ўсё гаворыць, гаворыць штось доўга, і так, што не разабраць ніводнага слова…
Ласіца ачомаўся ад цішыні — колы больш не рыпелі — і адразу схапіўся за аўтамат. Воз стаяў каля нейкай цёмнай хаты, воддаль сям-там свяціліся агні іншых хат. Жанчына сядзела ў перадку, не варушачыся, і глядзела на яго. Ён зразумеў, што яны ў вёсцы; пакуль ён спаў, жанчына пад’ехала да сваёй хаты, непадалёк ад шашы, і стаяла, чакала… Забыўшы пра нагу, Лісіцкі, каб саскочыць з воза, зрабіў на яе ўпор — і ўскрыкнуў; нага аж хруснула, аж пачуў, як церануліся адна аб адну абломкі костачак там, усярэдзіне… Зноў зрабілася млосна, як тады, на дарозе. Ён са стогнам пераваліўся цераз драбіны, паспрабаваў стаць і тут жа, каля воза, лёг на зямлю.
Жанчына моўчкі глядзела на яго. Ён ледзь не сказаў, ці можна ўрача, і схамянуўся. Урача!.. І раптам увесь план яго падаўся яму кашмарам, вар’яцтвам. На што ён спадзявася?! Ну, а калі б нават не нага?! Ах, як бязглузда, непатрэбна ўсё!.. Праклятая хвароба!.. Жанчына злезла з воза і асцярожна наблізілася да яго.
— Я зламаў нагу, — сказаў ён, выціраючы рукавом шыняля нос і шчокі.
3.
У цёплай каравулцы тры «духі» мылі падлогу: двое намыльвалі шчоткамі, трэці сцягваў анучай ваду. Яшчэ двое сядзелі побач за сталом, унурыўшыся ў кніжкі статута. За суседнім сталом сяржант Болтус з разводным старой змены гулялі ў шашкі. Праз нізенькае акенца ў дзвярах насупраць было відаць, як спіць начальнік каравула, — проста за сталом, у фуражцы, паклаўшы галаву на рукі. На адным з тапчаноў ляжаў, укруціўшыся з галавою ў шынель, адвярнуўшыся да сцяны, салдат старой змены. На другім сядзеў «дзед» Дзямідаў і не даваў маладым вучыць статут.
— Цяпер ты, — казаў ён. — На якой мове гавораць у Аўстраліі?
— На аўстралійскай, — падумаўшы, адказваў «дух».
— Адставіць! Ты каму сказаў?
— Таварышу малодшаму сяржанту. У Аўстраліі гавораць на аўстралійскай мове, таварыш малодшы сяржант.
— А ў Амерыцы на амерыканскай?
— Не чапай хлопцаў, — сказаў Болтус, не падымаючы галавы.
Дзямідаў узяў шахматную дошку, пачаў перабіраць на ёй знізу пальцамі, нібы на гітары браў акорды, і спяваць ціха:
Дз, дз, дз — дз’евушка с распущенной кос, ко-сой, Мо, мо, мо — мои губы трогала губ, губа-ами…Шырока расчыніліся дзверы з двара, упусціўшы ў памяшканне перш свежага ветру, тады — устрывожанага памочніка начальніка каравула, які хадзіў правяраць пасты.
— Дзе Ласіца?! — крыкнуў ён, падбег да акенца і забарабаніў у яго.
Начкаравула прачнуўся і адчыніў дзверы. Памочнік заскочыў да яго, пачаў дакладваць. Праз хвілін колькі памочнік выглянуў у дзверы і крыкнуў дзіка:
— Трывога!!!
Салдаты, на хаду зрываючы з вешалак шынялі, выхоплівалі з піраміды аўтаматы і выбягалі на двор строіцца.
Праз дзесяць хвілін паведамленне пра ЧП выслухаў дзяжурны па палку.
Яшчэ праз дзесяць хвілін па трывозе быў падняты ўвесь полк. Па пляцы, бы мурашы, мітусіліся людзі, чуліся каманды, каля казармаў строіліся роты, узводы, аддзяленні. Яшчэ праз дваццаць хвілін з размяшчэння часці выехалі адзін за адным тры крытыя брызентам «Уралы» і паляцелі, напаўняючы гулам вячэрні горад, не зважаючы на чырвоныя светлафоры, у напрамку лясных складоў.
Праз паўтадзіны ўзвод Ласіцы быў зняты з усіх нарадаў — з кухні, КПП; замяняліся іншымі салдатамі дзяжурныя і днявальныя.
У штабе перад камандзірам палка палкоўнікам Гардзеевым стаялі «смірна» зампаліт — капітан Атаманчук, камандзір «дэзерцірскай» роты маёр Сілін, камандзір узвода лейтэнант Шаўчэнка, старшына роты Быкаў. Трохі воддаль ад стала ў крэсле сядзеў начштаба падпалкоўнік Мішчук і гартаў папку з асабістай справаю радавога Аляксея Ласіцы.
Гардзееў, выслухаўшы кароткія даклады, якія нічога не высветлілі, маўчаў. Начштаба загарнуў папку, кінуў на столік перад сабою; прамовіў:
— Адукацыя сярэдняя, характарыстыкі выдатныя, амаль год адслужыў… Вось-вось мог бы атрымаць лычкі малодшага сяржанта і з’ездзіць у адпачынак. Бацька, маці, сястра… Добра страляе з аўтамата, — дадаў ён.
— Вольна, што вы выцягнуліся тут, — сказаў афіцэрам Гардзееў. — Добра страляе… Лепш бы ён кепска страляў.
За ўсю гісторыю палка было толькі два падобныя выпадкі. Гады тры назад з КПП тых жа лясных складоў знік каравульны. Яго шукалі двое сутак, прачасалі ўвесь лес, а энайшлі пад вечар другога дня за сто метраў ад КПП, — ён соладка спаў сабе на ігліцы пад елкаю. «Дзяды» не давалі выспацца, і небарака не прыдумаў нічога лепшага, як дачакацца каравула і ўволю «падавііць на масу». Друті выпадак: гадоў дзесяць назад, улетку, салдат адпрасіўся ў горад сфатаграфавацца і не вярнуўся. Ён быў сіратою, дзетдомавец; трохі яго пашукалі і кінулі — няма, ну і няма; галоўнае, што без зброі. Аб’явіўся ён месяцы праз тры, брудны, барадаты, у лахманах, галодны. Увесь гэты час, як высветлілася, ён жыў непадалёк ад горада, у бетоннай, зарослай травою сухой грубе пад шашою. Карміўся здабычаю з вакольных агародаў, а ўвосень, калі пахаладала, апусцелі агароды, пайшлі дажджы і ў трубу пачала зацякаць вада, вырашыў здацца. А чаму ўцякаў, чаго хаваўся? — і сам не ведаў.
— Можа, спіць дзе пад хвояю, — прачытаў думкі Гардзеева начштаба.
— Можа, і спіць, — Гардзееў пабарабаніў пальцамі па стале, тады ўперыўся паглядам у старшыну: — Калі вы разберацеся з тымі дзіркамі ў плоце?!
Адказу не дачакаўся.
— Мо і спіць, — зноў паўтарыў ён. — Страляе добра… Аўтамат і два магазіны патронаў, шэсцьдзесят штук… Карацей, так, таварышы-грамадзяне афіцэры-прапаршчыкі, праз паўгадзіны, ні секундаю больш, стаіце тут як штыкі і дакладваеце: хто, што, дзе, як. Усё зразумела?