Ланцуг
Шрифт:
— Я хірург, — адказаў Вінярскі.
Барадаты ўзяў яго за локаць, запрашаючы ісці за сабою, і звёў Вінярскага на некалькі прыступак уніз, на лесвічны марш; другі, зусім малады хлопец, таксама спусціўся следам і стаў побач з барадатым, чвякаючы жвачкай проста Вінярскаму ў твар. Вінярскі апынуўся заціснутым у кутку. Ён глядзеў і не мог адарваць вачэй ад учэпістай, сіняй ад татуіроўкі далоні, якая па-ранейшаму трымала яго за локаць.
— Слухай, выйдзі, — сказаў барадач. — Глянь. Там аднаго. Нажом.
— У прыёмным ляжыць?
— На вуліцы. У машыне. Не трэба. Прыёмнага, — барадаты дзяліў на часткі нават самыя простыя сказы. — Глянеш?
— Можна… Хоць я сам траўматолаг, — пачаў тлумачыць Вінярскі, а яго ўжо не слухалі: барадаты адпусціў яго локаць і пайшоў уніз, да прыёмнага пакоя, наступны павінен быў ісці Вінярскі, а малады — апошнім, замыкаць.
— У нас хірург памёр нядаўна, Стэльмах, — казаў Вінярскі, даганяючы барадатага. Той нават не павярнуў галавы. — Можа, пазваніць Сцяпанаву, загадчыку? — азірнуўся Вінярскі ўжо на маладога, але і той нічога не адказаў, толькі выдзьмуў з рота белы шарык жвачкі і забраў яго назад у рот.
Выйшлі, сталі на ганку каля прыёмнага, барадаты некуды пабег, малады застаўся з Вінярскім. Неўзабаве да ганка падрулілі дзве машыны, малады моўчкі падштурхнуў Вінярскага да пярэдняй, да задніх дзверцаў, адчыніў іх і адступіў убок. Вінярскі нагнуўся, глянуў — нехта ляжаў на сядзенні і ціха стагнаў.
— Ну, і што я тут убачу? — сказаў Вінярскі барадатаму, які выскачыў з другой машыны і падбег сюды. — Трэба несці ў прыёмны!
— Не трэба, — азваўся барадач.
Ізноў, адчуваючы нейкую сілу ў яго скупых словах, Вінярскі вымушаны быў скарыцца. Ён бачыў, што з гэтага часу павінен рабіць не тое, што яму хочацца, а тое, што яму скажуць.
— Тады можна да… нас, у перавязачную.
— А хто там?
— Ну, я… Сястра… Ардынатар… Усё.
Барадаты махнуў рукою, і з задняй машыны вылезлі яшчэ чалавек пяць — былі сярод іх маладыя, былі з бародамі, і ўсе ў спартыўных касцюмах, і ўсе чаўкалі жвачку — усе здаліся Вінярскаму роднымі братамі. Хто за рукі, хто за ногі, выцягнулі параненага з машыны. Той, убачыўшы чалавека ў белым халаце, апрытомнеў і гучна спытаў:
— Доктар, я памру?
Вінярскі нічога не адказаў, пайшоў першы, за ім панеслі параненага, які раптам пачаў так стагнаць і крычаць, што на ўсіх калідорах — а нясці трэба было ад прыёмнага па лесвіцы, потым праз усё тэрапеўтычнае аддзяленне, праз усё іхняе, хірургічнае, — адчыняліся дзверы і выглядвалі і сёстры, і санітаркі, і хворыя з палат. У перавязачнай сядзела сястра каля акна за шкляным столікам, згортвала і складала ў слоік марлевыя тампоны. Параненага паклалі на стол, усе выйшлі, толькі малады з барадачом, якія, мабыць, былі прыстаўлены апекаваць Вінярскага, засталіся, ціхенька прыселі на кушэтку каля парога. Вінярскі пакасіўся на іх, але прапанаваць і ім выйсці не асмеліўся, ды і быў упэўнены, што не выйдуць. Ён хутка спаласнуў рукі, на хаду буркнуў сястры:
— Не стой, рыхтуй пінцэт, спірт, ёд і набяры кубік навакаіну, — сам нацягнуў пальчаткі, узяў перш марлевую павязку для твару, потым скамечыў яе і запіхнуў у кішэню халата — гэта ж зноў трэба адрываць сястру, прасіць, каб завязала матузкі на патыліцы.
Нагнуўся над хлопцам — на тым зверху была толькі чырвоная майка з кароткімі рукавамі, вызваліў з-пад спартыўных штаноў ніз майкі, задраў яе ўверх. Рана — парэз даўжынёю сантыметраў пяць, была ў жываце, злева ад пупа. Патрошку Вінярскі пачаў мацаць вакол раны. Хлопец, што быў заціх, калі апынуўся на стале, пад святлом моцных лямпаў, цяпер зноў ажыў і пачаў стагнаць і дрыгацца ўсім целам ад кожнага дотыку.
— Доктар! Доктар! — ныў ён. — Я ж не памру, праўда? Я выжыву?
Вінярскі маўчаў, каб не раздражняцца. Абмыў, выцер змочаным у спірце тампонам кроў вакол раны — зандзіраваць без наркозу пабаяўся, ды і так відаць было — хлопцу моцна пашэнціла. Быў толькі парэз жыравай тканкі; з раны двума белымі шарыкамі, — накшталт тых, што выдзімаў са сваёй жвачкі малады маўчун — выпіраліся кішкі, але яны былі цэлыя. Не хапіла якога міліметра.
Вінярскі зрабіў укол, пакуль чакаў, калі возьмецца замарозка, моцна захацеў курыць.
— Доктар! Доктар!!! — крычаў парэзаны.
У гэтай клініцы Вінярскі нагледзеўся ўсяго, але каб здаровы малады чалавек з даволі лёгкай — у параўнанні з тым, што магло б быць, калі б былі зачэплены кішкі, — ранаю так не ўмеў цярпець, так калаціўся, — такога яму яшчэ не даводзілася бачыць.
Калі накладваў швы, хлопец умудрыўся некалькі разоў страціць прытомнасць, і сястра замест таго каб памагаць Вінярскаму, хоць бы выціраць кроў з-пад іголкі, вымушана была стаяць каля гэтага слабака з нашатырам. Урэшце Вінярскі густа змазаў зашытую рану ёдам, сястра пачала накладаць павязку, Вінярскі, сцягваючы пальчаткі, падышоў да кушэткі. Барадач і малады падняліся.
— Проста глыбокая драпіна, — сказаў Вінярскі з той лёгкай пагардаю, якая ўласціва кожнаму доктару, з тым пачуццём перавагі над «простымі смяротнымі», для якіх зашыць парэзаны кавалак скуры ёсць нейкі патаемны, ледзь не цудадзейны акт (ён і ўбачыў, і адчуў, што пасля гэтай прымітыўнай аперацыі ён адразу ж узвялічыўся ў вачах сваіх апекуноў). — Крыві страчана мала, можаце забіраць. Калі будзе макрата — нічога страшнага. Праз дзень у паліклініку, на перавязкі, праз сем дзён здымуць швы, і будзе бегаць. Усё.
— Так, — прамовіў барадаты. — А тут калі паляжыць? У вас. Адну ноч. Мала што.
— Ты ў накладзе не будзеш! — умяшаўся малады.
— Тады трэба афармляць праз прыёмны, — зноў увярнуў Вінярскі, выдатна разумеючы, што ніякія прыёмныя, ніякія запісы, якія будуць там зроблены, гэтым нязваным гасцям непажаданыя — кожны такі выпадак рэгіструецца ў асобным сшытку, і адразу ж ідзе паведамленне ў міліцыю. Сапраўды, барадач зноў узяў яго за локаць, нібы паказваючы гэтым, што цяпер Вінярскі павінен менш гаварыць, а больш слухаць.
— Свае людзі. Нашто свяціцца? Не бойся. Не пашкадуеш.
Вінярскі зірнуў на сястру, якая стаяла каля параненага з акрываўленым тампонам у руцэ, глядзела на ўсё шырока раскрытымі вачыма і не разумела, што тут адбываецца.
— Хіба што ў сёмую… Каця, давай у сёмую!
Сястра выйшла, вярнулася, штурхаючы паперадзе ложак-каталку, барадач з маладым памаглі сябру перабрацца на яе — ён ужо не стагнаў, маўчаў, прыслухоўваўся, што пра яго гаварылі. Вінярскі пачаў мыць рукі, і праз цурчанне вады да яго данеслася, як малады сказаў рэзка і гучна: